Турэмны дзённік [Хо Шы Мін] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Хо Шы Мін Турэмны дзённік


Хо Шы Мін.

Турэмны дзённік: [Вершы]/Пер. з в’ет., прадм. і тлумач. Я. Сіпакова, маст. В. А. Тарасаў.— Мн.: Маст. літ., 1985.— 87 с., іл.


Перакладзена з падрадкоўніка кнігі:

HÓ СНІ MINH. NHẬT KÝ TRONG TÙ NHA XUẤT BẢN VĂN HÓA VIỆN VĂN HỌC - 252 с.


Перакладчык Янкі Сіпакова

Мастак В. А. Тарасаў

Рэдактар В. С. Сёмуха

Макет і мастацкая рэдакцыя Л. Я. Прагіна

Тэхнічны рэдактар Г. Г. Федарук

Карэктар К. А. Крукоўская


ВОЛЬНЫ Ў НЯВОЛІ


Дзве тысячы гадоў гераічны народ Намв'ета — так называўся ў старажытнасці В'етнам — вёў настойлівую барацьбу супраць кітайскіх феадальных дынастый, якія імкнуліся падпарадкаваць яго і, забараніўшы в'етнамскую мову, асіміляваць. Але гордыя «ўнукі небажыхароў, дзеці дракона», якія помнілі за сваёю спіною славутую данашаэравую Дангшонскую культуру «бронзавых барабанаў», мужна супраціўляліся любой агрэсіі. Яны нават зубы сабе мазалі чорнаю смалою — каб не растварыцца ў чужым народзе, каб было відаць, што гэта в'етнамцы.

Такі народ, зразумела, меў у стагоддзях вартых сябе абаронцаў. I сярод іх — верны сын свайго народа Хо Шы Мін, мудрэц з абліччам селяніна, правадыр з даверлівай душою, якога в'етнамцы звалі проста і ласкава — «дзядзечка Хо», а такія рэвалюцыянеры, як Родней Арысмендзі, лічылі «сімвалам камуністычнай мудрасці ў Азіі».

У музеі в’етнамскай рэвалюцыі ў Ханоі знаходзіцца невялікая запісная кніжачка ў выцвілай ад часу вокладцы, на тытуле якой дзве скаваныя рукі — малюнак Хо Шы Міна. Гэта яго «Турэмны дзённік».

Цёмнай жнівеньскай ноччу 1942 года знаны ўжо рэвалюцыянер, партызан і палітычны дзеяч В’етнама Нгуен Ай Куок пад выглядам старога, падслепаватага нунга з кійком у руках, пад прозвішчам Хо Шы Мін (што значыць — «Умудроны»), пад імем, якое неўзабаве стане вядомае ўсяму свету, накіроўваецца ў Кітай, каб наладзіць сувязь в’етнамскага рэвалюцыйнага руху са знешнім светам, бо з акупацыяй краіны Японіяй перад патрыётамі паўсталі новыя цяжкасці.

Але ў правінцыі Гуансі яго, абвінаваціўшы ў «шпіянажы», арыштоўваюць агенты чанкайшысцкай цзіньча — паліцыі. Хо Шы Міна трымаюць у няволі, пераводзячы з павета ў павет, з турмы ў турму.

У няволі і нараджаецца турэмная лірыка палітычнага дзеяча. Вершы «Дзённіка» абдумваліся ў халодных цэлях і падзямеллях, у вясковых хлявах і ваенных казематах, з драўлянай калодкай на шыі і на горных сцяжынах — у кайданах, пад канвоем. А запісваліся чатырохрадкоўі, каб не выклікаць падазрэння ў ахоўнікаў, іерогліфамі ханваня. Ханвань — в'етнамізаваны варыянт вэньяня, літаратурнай мовы кітайскага сярэднявечча, так званай «далёкаўсходняй латыні», якая доўгія стагоддзі старанна служыла народам Кітая, В’етнама, Японіі і Карэі. Хо Шы Мін, сын кніжніка-канфуцыянца, вядома ж, ведаў як сам вэньянь, так і яго в’етнамізаваны варыянт, бо ён быў цудоўны знаўца класічнай культуры і літаратуры.

«Турэмны дзённік» — непаўторная паэтычная кніга. Шчырая споведзь вязня, ды яшчэ сіла волі і мужнасць памаглі Хо Шы Міну застацца вольным і ў няволі, бо паэзія выводзіла за краты, яднала рэвалюцыянера са сваім народам і з жаданым, разняволеным жыццём, якое бурліла за сценамі ненавісных турэмных цэляў.

Янка Сіпакоў






Хоць цела ў цеснай турме знемагае,
Дух над турмою вольна лунае;
Хочаш, каб мара твая збылася,—
Дух хай мацнее, няверы не знае.

ПАЧЫНАЮ ДЗЁННІК


Займацца вершамі — клопат не мой,
Аднак я ў няволі час лішні маю.
А каб не палохаў дзень пустатой,
Вершы складаю і волі чакаю.

АРЫШТАВАЛІ Ў ЦЗУЖУНЕ


Цзужун — на пашану багаты край,
Ды зняважылі там нечакана:
Без падставы шпіёнам зрабілі мяне —
Мой гонар у бруд утаптаны.

ПАСАДЗІЛІ Ў ПАВЯТОВУЮ ЦЗІНСІЙСКУЮ ТУРМУ


Вязні старыя страчаюць новых ахвяр,
На небе гусцее чарнота хмар;
Ды хмары спрадвек разлятаюцца ўсе,—
I ў турме застаецца вольны змагар.

ЦЯЖКІ ШЛЯХ ЖЫЦЦЯ


I
Па горных кручах ішоў я смялей,
Не ведаў: на роўным бывае цяжэй;
У гарах размінуўся шчасліва з тыграм
I сеў у турму, сустрэўшы людзей.
II
Прадстаўляць свой народ — абавязак прамы,
Ішоў я ў Кітай, як госць, без віны;
Нечакана тайфун на раўніне падняўся —
Мяне зрабілі госцем турмы.
III