Жыццём ідучы: З гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі [Дзмітрый Бугаёў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Дзмітрый БУГАЁЎ


ЖЫЦЦЁМ ІДУЧЫ


З гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі




ВЕРНАСЦЬ ПРЫЗВАННЮ


Яго пазнаеш здалёк: рухавая постаць, шпаркая хада, праніклівы позірк, імгненная рэакцыя, малады бадзёры голас, у якім чуецца захапленне жыццём, спагада і падтрымка, абурэнне і гнеў. Міжволі згадваеш той вобраз шукальніка ісціны, які стварыў некалі Якуб Колас у вершы «Наперад»: «Адзначан для кожнай істоты свой век. / Жыццё ж безупынна ўсё крочыць і крочыць, / А разам з ім — вечны юнак-чалавек... / Вітай жа дарогі і новыя далі, / І вечнага руху святыя скрыжалі, / І юнасць людскую, і мудрае слова...» Бліскучы лектар і прапагандыст роднага слова — гэта пра яго ў «Сказе пра Лысую гару» з несумненнай сімпатыяй сказана: «Змітрок рыўком прайшоў наперад, / Адкашляў хрыпку на хаду / І з развароту, без паперак / Абрынуў шквал на грамаду». Сваёй эрудыцыяй, красамоўствам, логікай, досціпам, энергіяй Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў шмат гадоў зараджаў студэнцкую і творчую моладзь і сам напаўняўся радасным адчуваннем волі і прастору.

Мала хто пры гэтым ведае, які цяжар успамінаў пра перажытае, сяброў і калег, якіх ужо няма, пра Янку Брыля, свайго суседа па пад’ездзе, якога ўжо не сустрэнеш на чарговай праходцы над берагам Свіслачы, нясе ў сабе гэты чалавек, які ў свой час перажыў клінічную смерць, нарадзіўся нанава і робіць тое, што рабіў усё сваё жыццё: піша, чытае, пераглядае раней напісанае, бясконца шліфуе і ўдасканальвае стыль — і ўсё гэта з глыбокай падзякаю жыццю і лёсу. На чым грунтуецца яго апантанасць? На прыродным тэмпераменце байца? На разуменні патрэб часу? Адказ адзін: на вернасці свайму прызванню змагара за Бацькаўшчыну, на любові да Беларусі, красу якой ён бачыць найперш у мастацкім слове, роднай літаратуры, у навуковай ісціне, нарэшце ў роднай прыродзе, у нашых людзях. Байцоўскі характар і грамадзянскі тэмперамент заўсёды штурхалі яго ў бок эпіцэнтра літаратурна-творчага жыцця, дзе вырашаўся лёс гуманістычных змен у краіне, абвяргаліся замахі рудыментаў вульгарнага сацыялагізму ў навуцы на гістарычную ісціну і адбывалася маштабнае «адкрыццё рэчаіснасці». У 1960-я гг. Д. Бугаёў стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР, затым — дацэнтам, прафесарам у БДУ. Выкладчыцкую працу спалучаў з навуковай дзейнасцю, узяўшы на сябе цяжкую місію ўкаранення навуковых адкрыццяў у адукацыйным працэсе. Гэта выяўляецца не толькі ў змесце, але і ў форме серыі навуковых манаграфій: «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963), «Паэзія Максіма Танка» (1964), «Уладзімір Дубоўка» (1965), «Максім Гарэцкі» (1968), «Шматграннасць» (1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (1971). Навуковы падыход спалучаецца з папулярнай манерай пісьма, разлічанай як на прафесіяналаў, так і на шырокага чытача.

Гэта былі кнігі-адкрыцці, якія ўбіралі ў сябе вынікі архіўных пошукаў, пачціва-любоўнага вывучэння першакрыніц, пісьменніцкіх рукапісаў. Фак­тура даследаванняў Д. Бугаёва заўсёды надзвычай багатая і шматбаковая, што сведчыць аб яго ўніверсалізме і энцыклапедызме. У далейшым гэтыя якасці і асаблівасці даследчыцкага таленту паглыбіліся і ўдасканаліліся ў навуковых манаграфіях: «Вернасць прызванню» (1977), «Чалавечнасць» (1984), «Васіль Быкаў» (1987), «Арганічнасць таленту» (1989), прысвечаных творчасці В. Каваля, П. Галавача, М. Лобана, А. Чарнышэвіча, І. Мележа, В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, І. Навуменкі, А. Адамовіча, М. Аўрамчыка, А. Лойкі, І. Чыгрынава, А. Вярцінскага, М. Стральцова, Г. Бураўкіна, Я. Янішчыц і інш.

Асаблівае месца ў навуковай дзейнасці Д. Бугаёва займае кніга літаратурных артыкулаў «Талент і праца» (1979), за якую аўтар узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа (1984). Гэта кніга — выніковая і ўключае лепшыя навукова-крытычныя працы, напісаныя больш за дваццаць гадоў плённага пошуку і роздуму. Змест кнігі шматгранна адлюстроўвае творчы дыяпазон аўтара.

Д. Бугаёў аднолькава ўпэўнена адчувае сябе і ў ролі гісторыка белару­скай класікі, і ў ролі крытыка, і ў ролі папулярызатара лепшых дасягненняў айчыннай літаратуры. Заўважаецца і жанрава-стылявая разнастайнасць: манаграфічнае даследаванне, творчы партрэт, праблемныя, аглядныя, нарэшце, юбілейныя артыкулы, рэцэнзіі, водгукі. А цэментуючым пачаткам тут з’яўляецца асоба аўтара.

Напрацаваная на працягу шасці дзесяцігоддзяў творчай дзейнасці літаратуразнаўчая тэхналогія плённая і ў новых акалічнасцях. Аб гэтым выразна сведчаць выданні Дзмітрыя Бугаёва «Дасягнутае і страчанае» (1999), «Спавядальнае слова» (2001), «Служэнне Беларусі» (2003), шматлікія артыкулы, рэцэнзіі, успаміны, якія нязменна выклікаюць цікавасць у чы­тача, творчыя партрэты, змешчаныя ў «Гісторыях» беларускай літаратуры, падручніках для вышэйшых і сярэдніх устаноў. Яго даследчае поле шпарка пашыраецца, сведчаннем таму кніга, якую трымае ў руках чытач. Дзмітрыю Бугаёву гістарычная ісціна даражэй за ўсё. Ён