Абганяючы сны [Анатоль Казлоў] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

за вынасны столік у пластмасавае ж крэселка і з незразумелай асалодай зрабіў некалькі глыткоў. Усё спрыяла выдатнаму настрою: выхадны дзень, ён адзін (упершыню за некалькі гадоў без Русланы), п’е нядрэннае піўко і ў яго вольная (воль-на-я!) кватэра. Ён адзіны гаспадар на два тыдні ў іх з Русланай кватэры...

Прапусціўшы апошнія пару машын, бабуля з унукам і Юджын перайшлі дарогу. Вецер, здаецца, крыху аціх. Зашамацелі дажджынкі па куртцы, вышчарбленых плітках тратуара, па лісціках прыдарожных ліпак. Бабулька з унукам схаваліся ў бліжэйшым пад’ездзе дзевяціпавярховіка. Юджын прыцішыў крок. Да яго з Русланай дома (не, цяпер ужо не яго) засталося прайсці адзін прыпынак. Што ён шукае? Чаго патрабуе ад былой сваёй жанчыны? Учарашні дзень яму хочацца вярнуць? Ці шкадобы захацелася ад той, якую прынізіў бяздумнай здрадай? Па шчырасці, Юджын і сам не ведае, што ці хто прымушае яго прыязджаць, прыходзіць, вяртацца да мінулага. Да шчаслівага, непаўторнага, роднага, блізкага, але цяпер такога далёкага і незваротнага мінулага. Але кожны вечар, як толькі пачынае на вуліцы шарэць, ён спускаецца ў метро, сядае ў вагон і, прымружыўшы вочы, едзе ў гэты мікрараён, да гэтага шэрага дома, каб паглядзець на ўсё яшчэ не чужыя для яго вокны шостага паверха.

«Сёння слотна на вуліцы, доўга не вытрымаю. Лепш прабрацца ў пад’езд дома, што насупраць Русланінага, — разважае сам з сабою Юджын, прыпальваючы чарговую цыгарэту. — Там з лесвічнай пляцоўкі можна паназіраць за маёй любай. Аблашчыць хоць здалёк позіркам. Падымуся вышэй, да сёмага паверха, і ўсё будзе бачна, як на далоні. Клятыя кодавыя замкі... Без чыпа не прабярэшся... Застаецца схітраваць».

Мужчына спыняецца ля пад’езда, глядзіць на таблічку з нумарамі кватэр. Тут са 137-й па 151-ю. Ён набірае 150-ы нумар. Слухае працяглыя гудкі дамафона. Нарэшце голас:

— Хто там?

— Добры вечар, — вітаецца Юджын. — Разносім газеты «Мінск на далонях», адкрыйце, калі ласка, дзверы.

Працяглы зум і шчаўчок. Юджын хаваецца ад ветру ў задушлівай цішы пад’езда. Тут клубком спляліся пахі вечаровых сталоў і смеццеправода. Чаго больш — і не зразумееш вось так, з наскоку.

«Няма куды спяшацца, падымуся пешкі». Ён цярэбіць прыступкі спружыністым крокам. Чым вышэй узбіраецца, тым падаюцца бліжэй асветленыя вокны шостага паверха ў доме насупраць. Святло запалена і ў зале-спаленцы і ў варыўні-куханьцы.

«Руслана эканомная гаспадыня, з чаго б ёй так раскашаваць?» — здзіўляецца Юджын і прыпыняецца на лесвічнай пляцоўцы чацвёртага паверха. Прытуляецца ілбом да бруднаватай халоднай шыбіны акна, углядаецца і нічога (нікога) не бачыць...


***

Дапіўшы трэцюю пляшку піва і смачна зацягнуўшыся цыгарэтай, Юджын нечакана для сябе зразумеў, што яму анікольвечкі не сумна без Русланы. Няхай шчасліва коціцца яна пад перастук цягніковых колаў на крымскае ўзбярэжжа да хваравітай сястрыцы, з якой ён усё яшчэ незнаёмы. Адпачнуць урэшце адно ад аднаго: Юджын ад Русланы, а Руслана ад Юджына. Цяжка ўвесь час грэцца пад сонцам, часам хочацца і ў цяньку пасядзець. Заліваючы шлунак віном, няхай і вышэйшага гатунку, не варта адпрэчваць насалоду ад сагрэтага далонямі каньяку. Як кілаграмамі спажываючы зялёныя яблыкі, грэбліва пазіраць на спелую сакавітасць кавуна? «Ё-маё! — вырвалася ў мужчыны, — хапану поўнымі шчэлепамі кахання без абавязкаў. Хачу разгулу асалоды, бяздумнасці ўчынкаў. Хачу навізны!» На ягоны голас азірнулася маладзенькая дзяўчына за крайнім столікам, ці не студэнтка. Здзіўлена хіхікнула. Юджын ёй падміргнуў, маладзёнка сарамліва адвяла позірк, падхапілася і зацокала абцасікамі прэч. Юджын памаўзліва пазіраў на зграбную фігурку, пакуль яна не згубілася сярод натоўпу на аўтобусным прыпынку.

«У мяне ўсё ёсць, а нечага не хапае. Душа з гадамі заскарузла, сціснулася, высахла, як жабіна скура на сонцы. І дзень пры дні яна ўсё чэзне, скукожваецца і смярдзіць. — Юджын зморшчыў нос. — А ці ўсё настолькі добра, як мне падаецца? Жыццё з Русланай зручнае, бесклапотнае, утульнае... Адным словам — балотнае». Вось табе і маеш! Юджын здзівіўся нечаканасці сваёй высновы. «Што ж мне яшчэ трэба? Бэйбус ты, перавернуты, — ён пстрыкнуў слінай пад ногі. — Подленькая ж у цябе душонка, ой, подленькая, як у шакалёнка. А хто, пакажы мне, ад макаўкі да пятак перапоўнены святасцю? Усе такія, адным мірам памазаныя. Чакаем выпадку, зручнага моманту, каб урваць, абхітрыць, падмануць. Хлусім, не міргнуўшы, направа і налева. Усміхаемся там, дзе па мардасах трэба даць, падлабуньваемся, робім “лізь-лізь”, дзе неабходна было б смачна плюнуць. Вераб’інасць душонкі кожнага выпінаецца на першы план. Галоўнае, каб чаго дрэннага не здарылася са мной, любым. Нічога, язык не адваліцца, калі і пахвалю, а не скажу, што брыда стаіць перада мною. І так ва ўсім: у сямейным жыцці, на працы, у адносінах між сябрамі і блізкімі. Кожны з гадамі ўсведамляе: за праўду моцна б’юць! Не шкадуючы,