Супадзенні [Юры Несцярэнка] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Юры Несцярэнка


СУПАДЗЕННІ



Калі ў якой-небудзь краіне свету праходзяць вялікія мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню, то, зразумела, выдатны настрой жыхароў гэтай краіны цалкам адпавядае маштабам задуманага свята. Адчуванне пэўнай узрушанасці i салодкага хвалявання супадае з прадчуваннем пераменаў i новых нечаканых сустрэч — напрыклад, як падчас карнавала ў Бразіліі. Альбо цягам выбараў у Беларусі. Можна было б прыраўняць да вышэй узгаданага якую-небудзь паездку Папы Рымскага ў Грузію ці, напрыклад, першы Актобер-фэст у Арабскіх Эміратах.


І

Пасярод нешырокай сталічнай вуліцы, дзе ў гэты час амаль не ездзяць машыны і зрэдку з'яўляюцца мінакі, раптам адкульсці з-за вугла старажытнага будынка вынырвае цыганка з залатым зубам у чорнай доўгай і шырокай спадніцы, з накінутай на плечы яркай каляровай хусткай і загадкава шэпча: «Ёсць адзін чалавек, ён вельмі добра гуляе, разумееш? Ён галоўны ў пэўных гульнях. Ніколі не гуляй з ім, чуеш?»

Белыя красоўкі, што выглядаюць з-пад джынсаў, спыняюцца, а капюшон шэрай байкі скідваецца на заплечнік, нібыта па звычцы чакаючы, што гаспадар зараз прадставіцца: «Лёха!» Але замест гэтага малады чалавек, па логіцы рэчаў — ад нечаканасці, — прамаўляе: «Якія гульні? З кім не гуляць?»

«Касацік, не задавай дурных пытанняў. Проста не гуляй і ўсё. Адно ска­жу — ён трэці па ліку. Другі — ён іншы! Ён з казённымі людзьмі ў казённы дом імкнецца. У яго дарога дальняя і турботы даўнія. А трэці — ён гуляе ў гульні. Запомні, касацік!» Цыганка пачынае кружыцца вакол Лёхі, спяваючы на цыганскай мове. Iмгненна далучаецца другая цыганка, таксама з каляровай хусткай на плячах. Чарнявая жанчына з'явілася проста ніадкуль, узнікла, як кажуць, на роўным месцы. Потым аднекуль узялася трэцяя. Яны ствараюць столькі тлуму і мітусні, што здаецца — іх зусім не тры, а як мінімум, трынаццаць.

Цыганкі раствараюцца ў паветры гэтак жа хутка, як і матэрыялізаваліся некалькі хвілін таму. У раптоўна насталай цішыні, Лёха хутка падыходзіць да лавачкі пад вялікім дрэвам і абмацвае кішэні, правярае заплечнік. Дакументы, ключы, грошы на квіток дадому — усё на месцы. А вось пятнаццаць тысяч баксаў зніклі.

Лёхава сэрца затахкала, як басовы барабан Mckelback падчас саундчэку перад нядаўнім канцэртам. Ён яшчэ раз хуткімі рухамі нервова абмацвае ўсе кішэні. Збоку добра заўважна, што чалавек пад дрэвам спрабуе супакоіцца і засяродзіцца. Маўляў, так, — аднаўляем у памяці ход падзеяў: вось тут выходзіў з аўтобуса, нечакана ўбачыў столік з латарэйнымі квіткамі, яшчэ пажартаваў, што столік дакладна такі, як і ў пераходах метро. Прадавачка была такой мілай, такой абаяльнай, што зараз у памяці яна малюецца не іначай, як сястрой міласэрнасці ў шырокіх чорных адзеннях да зямлі і з чорна-белым капялюшыкам на галаве: «Купіце латарэечку! Імгненны выйгрыш! Не пашкадуеце! Праверыць вынік можна адразу ж! Можна забраць грошыкі ў любым банку...»

Аднак непасрэдна той момант, калі набываў квіток, абсалютна сцёрся. Напэўна ж аддаваў нейкія капейкі, забіраў латарэйку, але нічога такога ў памяці не ўзнаўляецца. Толькі наступны фрагмент — прадавачка на бязлюдным прыпынку ў захапленні скача і пляскае ў ладкі: «Ваш нумар пачынаецца на тры сямёркі! Вы выйгралі аўтамабіль! Ён каштуе пятнаццаць тысяч!»...

Раптам над галавой, як грымоты пасярод яснага дня, гучыць сіплы бас: «Гражданін! Какіе праблемы?» Аграмадны чалавек у форме міліцыянта ўглядаецца ў заплечнік, што ляжыць на лавачцы. Лёха хуценька падхоплівае свае рэчы, накідвае лямкі на плечы і намагаецца сысці, не жадаючы пра штосьці размаўляць з волатам у форме. Але апошні мае іншае меркаванне, ён заступае Лёху шлях і даверліва падміргвае: «Наконт латарэйкі не хвалюйцеся — знойдзецца! У нас усё пад кантролем!»


II

Не зважаючы на морась, Лёха шпарка крочыць па вуліцы ў бок аўтавакзала. Ён моцна злуецца ад сітуацыі, у якую патрапіў: «Вельмі паскудна пачуваешся ад таго, што ўсе навокал нешта ведаюць, валодаюць нейкай інфармацыяй, і толькі ты адзін не можаш нічога зразумець...»

У тыя часы аўтавакзал «Усход-Захад» яшчэ працуе ў звычайным рэжыме: другі паверх — касы, а на першым зала чакання. Тут жа кавярня, камеры захоўвання, аптэка, пункт абмену валюты, шапік з царкоўнай прадукцыяй — з сапраўднай манашкай у вакенцы. А яшчэ вельмі шмат сталоў і стэндаў з газетамі, часопісамі, папулярнымі кнігамі. I прадавачкі гэтай друкаванай прадукцыі — вельмі каларытныя, у спартовых касцюмах — дзяўчаткі і цётачкі.

А дата якая — 10 верасня! Панядзелак. То бок прэзідэнцкія выбары ў кра­іне ўжо адбыліся (учора), а вежам-блізнятам у Нью-Ёрку стаяць яшчэ цэлыя суткі. I вось, зайшоўшы ў будынак аўтавакзала, Лёха спрабуе разабрацца з уласным настроем: «Знаходзішся у нейкім ватным стане — ці то