Горад прыдзе [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

выслужваўся і ніхто мяне не падвучваў, — адрэзаў сын. — А ўрэшце, якая вам розніца?

— А такая... Калі ты надта разумны і бярэш усё на сябе, то — вон з мае хаты! — Бацька ўскочыў на ногі, кінуўся да дзвярэй, адчыніў іх насцеж. — Вон, каб я цябе не бачыў! —затупаў ён босымі нагамі па падлозе.

Усе паўскаквалі. Такога ад бацькі ніхто не чакаў. Маці прабавала супакойваць яго, але ён і слухаць не хацеў.

Міхась вылез з-за століка і перайшоў на палок. Сеў. Рукі ў яго дрыжалі. Ён цёр іх адна аб адну, як на марозе.

— Нікуды я не пайду, — сказаў ён роўным голасам. — Хата такая ж ваша, як і мая... Яна дзедава...

— Я табе зараз пакажу, чыя. — I бацька, сашчапіўшы зубы, рушыў на Міхася. Той не зварухнуўся. Калі бацька быў ужо за два крокі ад яго, раптоўна паміж імі стала маці і закрычала немым голасам:

— Сынок, уцякай, заб’е!..



***

Прыемна ляжаць на пахучым халодным пракосе і пазіраць у неба. Яно бяздоннае, светла-блакітнае, аж слепіць вочы. Ні хмурынкі. Сонца схіляецца з поўдня. У такую спёку доўга не пацягаеш касы, таму абед доўгі, гадзіны на тры. Затое на заходзе, пры расе, каса сама ходзіць... Касцы размясціліся, хто як можа. Полудзень ужо з’елі. Хто дрэмле,

хто курыць. Ідзе вялая, звыклая размова: пра пагоду, пра новага старшыню, пра брыгадаіра, які занадта строга ставіцца да людзей, часта нават лаецца без дай прычыны.

Міхась не ўмешваецца ў размову, толькі слухае. Ён тут ужо не госць, і яму ўсё абыходзіць. Касцы загаварылі пра сена, і размова адразу ажывілася: колькі дадуць на працадзень касцу, а колькі кожнаму наогул. 3 кормам пад вясну прыходзіцца крута. Трэба ўсё ў пару сабраць... Правільна разважаюць, правільна...

Ужо чацвёрты дзень, як Міхась разам з касцамі ідзе на луг. Тут купіны, касілка не бярэ, таму чалавек дзесяць штодзень з самага ранку ўжо звіняць косамі, спяшаюць выгнаць норму. Не адстае і Міхась. Спачатку было цяжка. Пасля першага дня балела ўсё цела, як пабітае, кожны мускул ныў ад болю... Цяпер Міхась адчувае сябе лепш. Чуць толькі пабольваюць рукі, пякуць далоні ад касся, а па ўсім целе разлілася прыемная слабасць — яно адпачывае.

Крыху развеяліся цяжкія думкі. Неяк усё ўляглося, стала на сваё месца. Толькі бацька яшчэ ходзіць надзьмуты. Маці супакоілася. А Толік толькі пасміхваецца сабе. Відаць, разумее, што яго заслуга ў гэтым прымірэнні немалая.

Твар казыча свежая, толькі што скошаная трава, якая пахне ўжо сенам. Што можна параўнаць з гэтым пахам зялёных сенажацяў?..

— О, вунь і брыгадзір да нас дыбае, — чуе Міхась голас касцоў.

Лежачы, Міхась бачыць, як напрасткі, пераступаючы праз свежыя пракосы, да іх набліжаецца брыгадзір Галіцкі, даволі малады мужчына, чорны, як цыган.

Ён прывітаўся з усімі за руку, а Міхася не зачапіў — той прыкінуўся, што спіць, — скінуў сіні картовы фрэнч, разаслаў яго проста на пакошы і лёг.

— Эх, зайздрошчу я вам, хлопцы, — загаварыў ён. — Не работа, любата адна!

— А хто табе не дае гэтае любаты? — спытаўся разважліва дзядзька Язэп, без шапкі, са струкаватымі, як авечая поўсць валасамі, якія пачалі ўжо сівець. — Бяры першую-лепшую касу — і свішчы, махай з-за пляча, каб аж пуп трашчаў.

— Рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць, — адказаў брыгадзір. — Усё бегаць трэба. Там у Круглай у копы ставяць, тут ужо таксама, дзе разбітае, пара зграбаць, там касілка паламалася, — ногі адходзіш і не паспееш да ўсяго дацягнуцца. Гарача пара сенакос, што тут казаць... I тэхніка ў руху, а рабочых рук усё роўна малавата: нельга расцягваць касавіцу, бо ніхто не можа сказаць, што пагода надоўга ўсталявалася... Ці скончыце сёння гэты клін? —спытаў ён касцоў, што абселі брыгадзіра.

— Абяцай паўгарца, тады скончым, — пад дружны рогат грамады заўважыў стараваты, худы і доўгі, як цапільна, дзядзька Лявон.

— Нябось хітры ты, Лявон, — пачаў выкручвацца брыгадзір, — нездарма цябе жонка ніколі аднаго на кірмаш не пускае, баіцца, каб не скруціў якога рубля.

Мужчыны зноў зарагаталі. Усе добра ведалі, як кожную нядзелю, а калі і ў сераду, дзядзька Лявон са сваёю Тэкляю едуць на рынак прадаваць гусака, які ўжо, кажуць, сам з завязанымі вачыма ведае дарогу ў Клецк, бо скупаватая цётка ўсё выбірае момант, калі больш заплацяць.

Пасыпаліся жарты — хто слова, а хто і больш.

Пакуль шум улёгся, дзядзька Лявон не знаходзіў зручнае позы — ён ужо не рад быў, што ўлез у размову. Толькі махаў рукамі, маўляў, адчапіцеся, блазнюкі.

Брыгадзір тым часам пералез да Міхася, які таксама смяяўся, лежачы непадалёку ад мужчын.

— Здароў! Як работка? Падабаецца? Норму даеш, не адстаеш? Добра, старайся. Бацька, здаецца, ужо астыў. Сёння стагуе сена... Ну, не бядуй, усё ўтрасецца. Колькі табе год? А-а-а... Хутка ў армію... А я думаў, што мы цябе пашлём на курсы