Горад прыдзе [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 6


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

рахункаводаў. Неяк даўно ўжо гутарка была са старшынёй, шукалі, каго б паслаць. — I ён зноў перайшоў да мужчын. — Дык як, мужчынкі, спярша каснём, тады заснём, ці наадварот?

— От каб ты тут языком менш малоў, то мы ўжо якіх па два пракосы прайшлі б, — агрызнуўся дзядзька Лявон.

— Добра, добра, не буду... Зараз прыдуць абмяраць, пабачым яшчэ, якія вы касцы, ці зарабілі вы хоць на ваду, а не то што на паўгарца. Пайду...

— Ідзі, ідзі, хай ты бокам хадзі, — мармытаў сабе пад нос дзядзька Лявон.

Касцы, пацягваючыся, уставалі, вымалі прыхаваныя ад сонца косы, не спяшаючыся ішлі займаць новы пракос.

— Касі, каса, пакуль раса, раса далоў — каса дамоў, — дэкламаваў вясёлым голасам дзядзька Язэп.

— Гэта вельмі старая песня пра касу. А вось вы пачулі б, як Якуб Колас касьбу апісвае! Калі хочаце — паслухайце, я ненадоўга, — звярнуўся Міхась, пачырванеўшы, спачатку да дзядзькі Язэпа, а пасля да астатніх.

Мужчыны прыціхлі, наблізіліся да Міхася. Ён абапёрся на кассё, увагнаў верхні яго канец у падатлівы поплаў і абвёў усіх вачыма. Сэрца яго моцна стукала.

— Ну, раскажы, раскажы, паслухаем... — зашумелі мужчыны.

Міхась набраў у грудзі паветра, як перад скачком у ваду, і пачаў:

Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць буйныя іх росы,

А краскі ніжай гнуць галовы,

Пачуўшы косак звон сталёвы...

Міхась чытаў, і голас яго набіраў сілу, рабіўся гнуткі — то Міхась пераходзіў на пяшчотны лірычны шэпт, то бадзёрасць і свежасць прабівалася ў ім; святлелі загарэлыя цёмныя твары людзей — яны ківалі адзін аднаму, усміхаліся, і трэба было здзіўляцца, якія гэта былі ўсмешкі: так усміхаецца маці, гледзячы, як яе дзіця робіць першыя крокі.

Голас Міхася звінеў, як тыя косы, сталёвым звонам.

Калі Міхась змоўк, цішыня стаяла можа якую хвіліну — усе былі зачараваны такою знаёмай музыкай, такімі простымі. і прыгожымі малюнкамі.

— А ці цяпер пра нас гэтак пішуць? — першы падаў голас дзядзька Лявон.

— Пішуць і цяпер, толькі чытаць трэба, — адказаў яму адзін з маладзейшых, нядаўні матрос, які яшчэ ніяк не хацеў разлучацца з паласатай, як зебра, цяльняшкай, хоць касіць у ёй было горача.

Пашумеўшы яшчэ колькі хвілін, усе разыходзіліся, гамонячы, на свае месцы. Першы ішоў дзядзька Язэп, за ім па парадку выстройваліся астатнія.

Міхась ішоў ззаду. Перад ім мільгалі патрэсканыя пяты дзядзькі Лявона, які часам адставаў ад усіх, і Міхась наганяў яго зусім упрытык.

«Ш-ш-ш-ы, ш-ш-ш-ы», — шыпела, як змяя, каса, кладучы злева роўны валок. Касіць было лёгка, Міхась крыху ўспацеў, але не адчуваў асаблівай стомы. Каса, як брытва, ішла ля самай зямлі, пакідаючы толькі кароценькія бледна-бурыя стырчакі, якія прыемна казыталі падэшвы босых ног, змочвалі іх сокам, што, як кроў, выступаў на траве на месцы свежых зрэзаў.

Міхась гнаў роўны шырокі пракос на ўвесь мах. 3 лёгкім посвістам сцінала вострае джала мяккія травінкі; яны, падрэзаныя, схіляліся перад касцом, кладучыся на жывую сценку перад касою. За настуцным узмахам каса брала далей, і пакінутая мінулым разам падрэзаная травіца канцом касся, як граблямі, ссоўвалася ў пракос. I так бясконца. Гэты рытм парушалі толькі частыя купіны, і, не прыкмеціўшы іх, можна было ўвагнаць касу да палавіны ў мяккі, паточаны рыжымі мурашкамі курганок. Часцей за ўсё купіна была відна здалёк — на ёй трава расла намнога святлейшая і была прамая ды шырокая, як асака.

Як падчас бойкі, страціўшы адчуванне меры і часу, баец пракладае сабе дарогу, так і Міхась, увайшоўшы ў азарт, махаў і махаў касою, а пракос злева, як свежая баразна за плугам, даганяў яго, лізаў яму ногі канцамі мятліцы.

Толькі на хвіліну прыпынак — намянціць касу — і далей, далей, далей. Ап’янелы, узмахваў касою Міхась, не адчуваючы супраціўлення травы, не адчуваючы свае сілы. Але гэта была мяжа вытрымкі. Ён не

раз перажываў нешта падобнае, калі, бывала, вяртаўся са школы галодны і бясконца стомлены. Гэта здаралася рэдка, але затое запаміналася назаўсёды:

«Ш-ш-ш-ы, ш-ш-ш-ы», — спявала каса, і Міхась, нібы прывязаны да яе, толькі паспяваў падступаць за ёй паўкрокам у адзін ступак.

Было светла на душы. Можа ад таго, што брыгадзір пагаварыў з ім, можа, што адчуў нейкую цеплыню да сябе ўсіх гэтых дзядзькоў, што ўжо аблыселі, пасівелі і многа вынеслі на сваім вяку. Ён адчуваў у сабе новыя, яшчэ нязведаныя сілы, якія рваліся на прастор. I ніякія перашкоды не палохалі яго, бо іх ён не прывык абмінаць.